Встреча с поэтессой
Вучні 10-11 класа нашай школы сустрэліся з вядомай беларускай паэтэсай Аксанай Ярашонак (Камінскай). Аксана Мікалаеўна – педагог-арганізатар, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ільянскай СШ. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яна выпускніца Маладзечанскай СШ №1 імя Янкі Купалы.Яшчэ ў пачатковых класах пачала пісаць вершы. Настаўніца не забракавала і нават пахваліла першы твор. З гэтага “Белага мішкі” ўсё і пачалося.Пасля школы дзяўчына працавала сакратаром-машыністкай, навучылася хутка набіраць тэксты. Праз год паступіла ў педагагічны ўніверсітэт. Вучоба спрыяла развіццю не толькі педагагічных здольнасцей, але і літаратурных. Займалася ў гурце юных літаратараў. Побач быў паэт і педагог Мікола Шабовіч.Падчас сустрэчы Аксана Ярашонак расказала, як стала паэткай-песенніцай. Праз газету (раздзел “Патрабуюцца”) пазнаёмілася з кампазітарам Віталем Качатковым. Аксана адгукнулася на прапанову аб супрацоўніцтве, пачалася сумесная работа. Іх песня загучала на “Минской волне”, радыё “Культура”, ”Сталіца”, на першым канале беларускага тэлебачання. Спявае Віталь, музычнае суправаджэнне – Сяргея Анцішына.У многіх творах Аксаны праяўляецца сувязь са школай. Школьнымі падарожжамі навеяныя “Турыстычная песенька”, “За сабою кліча вясна”, “Вецер спявае ў лясах”, “Разам збяром мы рукзакі”.У студэнцкія гады быў напісаны верш пра Ікара, ён загучаў песняй. Потым Віктар Рудэнка пераклаў твор на англійскую мову. Гэтая песня ўдзельнічала ў адборачным туры на конкурс “Еўрабачанне.” Гучала там на англійскай мове. Цяпер ёсць тэкст і на рускай мове. Пераклад зрабіла сама аўтарка. Ад вершаў Аксаны Мікалаеўны вее прыгажосцю, дабрынёй і ўтульнасцю. Бачна, што гэта чыстая душа з марай пра светлае...
***
Дакранаючыся пуантамі
Да халоднага тратуара,
Так няспешна сняжынкі падалі
З-пад высокай ссівелай хмары.
Накрывалі пяшчотна вуліцы,
Кожны дах аздаблялі з густам,
І, прахожых у твар цалуючы,
Раставалі на цёплых вуснах,
Завірухаю хваляваліся
І кружыліся нада мною,
І шапталі ўсё: — Дачакаешся
Ты сустрэч са сваёй вясною.